Политика

Цыганкоў: «Кіеў упэўнены, што Лукашэнка, акрамя блеяньня Азаронка, нічым істотным адказаць ня можа»

Палітычны аглядальнік — пра сустрэчу Зяленскага з Ціханоўскай і разварот Украіны.

— Рызыкнуў заявіць, што гэта не дробязь, не выпадковасьць – гэта істотны паварот у палітыцы афіцыйнага Кіева, — піша Віталь Цыганкоў. — І тут ня толькі сустрэча з Ціханоўскай, але і запрашэньне ёй наведаць з візітам Кіеў, і апошнія некалькі даволі рэзкіх выказваньняў Зяленскага пра Беларусь (у адным зь іх ёй фактычна заявіў, што ў Беларусі будзе паўстаньне супраць дыктатуры), і ўзгадваньне Зяленскім беларусаў у кантэкстце 1863 году, чаго не было на ўрачыстасьцях год таму.

Віталь Цыганкоў

Выглядае, што гэтыя высновы толькі пацьвердзілася тым, што Зяленскі даручыў прызначыў спецпрадстаўніка па Беларусі.

Чаму Кіеў вырашыўся на такі паварот? Баюся, дакладнага адказу мы ня ведаем. Яўна там ёсьць нейкія закулісныя, і хутчэй за ўсё ня толькі выключна ўкраінскія, матывы, якія нам пакуль не вядомыя. Але факт, што з пэўных прычынаў Кіеў вырашыў разгойдваць існуючы статус-кво — хаця б па той прычыне, што афіцыйны Менск даўно яго разгойдвае.

Разьмяшчэньне (нібыта) ядзернай зброі, разьмяшчэньне (нібыта) «Арэшніка», сустрэча Лукашэнкі з кіраўніком акупаванай Расеяй тэрыторыі, павялічэньне працы беларускай прамысловасьці на расейскую ваенку — усё гэта, мякка кажучы, былі неаднаразовыя недружалюбныя крокі ў бок Украіны.

І вось Кіеў вырашыў адказаць. Пакуль выключна маральна-палітычна, даць гэткую ідэалагічную аплявуху, «сустракаемся з Ціханоўскай, запрашаем яе ў Кіеў, бо Лукашэнка нелегітымны дыктатар».

Пры тым Кіеў упэўнены, што Лукашэнка, акрамя блеяньня Азаронка, нічым істотным адказаць ня можа. Бо на сёньня, як мне падаецца, Лукашэнка больш баіцца (і гэта заканамерна) нейкіх рэзкіх дзеяньняў Кіева, чым Кіеў баіцца нейкіх рэзкіх крокаў Лукашэнкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)