Общество

Лекарка: У дзіцячым цэнтры зьявіўся мэм: «дзеці лечаць дзяцей»

Улады абяцаюць у 2026 годзе здаць новы корпус РНПЦ дзіцячай анкалёгіі. Свабода запыталася былую загадчыцу аддзяленьня, ці дастаткова там анколягаў.

Новы корпус РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі плянуецца здаць пры канцы 2026 года. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал Міністэрства аховы здароўя.

Дырэктар РНПЦ Анжаліка Сонцава паведаміла, што ў пачатку 2021 года РНПЦ увайшоў ў дзяржаўную інвэстыцыйную праграму, якая прадугледжвае будаўніцтва новага корпуса і наступную рэканструкцыю дзейнага.

Паводле дырэктаркі ў новым корпусе будзе разьмяшчацца высокатэхналягічнае аддзяленьне, апэрацыйныя блокі, сучасныя лябараторыі клеткавых тэхналёгій, імуналягічнай тэрапіі. Усё гэта, паводле Солнцавай, паспрыяе лячэньню дзяцей.

Былая загадчыца аддзяленьня РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі Надзея Пятроўская ў інтэрвію Свабодзе адзначае, што «будаўніцтва — папулярная хімэра, якой не пазьбеглі многія кіраўнікі».

— Беларускія начальнікі даволі часта забываюць, што клініка, інстытут, цэнтар — гэта ня сьцены, не прыгожы будынак, а найперш людзі, гэта сыстэма ўзаемаадносін, месца пацыента ў гэтай складанай сыстэме.

Тым ня менш дырэктарка Анжаліка Солнцава таксама пачала нешта будаваць. Што, у прынцыпе, ня дзіўна, калі чалавек далёкі ад той сфэры, якой ён кіруе (яна — эндакрыноляг), што яшчэ яму застаецца, акрамя як будаваць.

І ў тым корпусе, які ўжо амаль узьведзены, гэта сапраўды даволі вялікае збудаваньне, нават большае за стары корпус, там пераважна памяшканьні прызначаныя для лябараторый, кафэдраў, для якой заўгодна працы, толькі не для працы з пацыентамі.

Такім чынам, населяць гэты корпус адміністратыўнымі супрацоўнікамі праблемы не складзе. Але гэта ніяк не палепшыць якасьць мэдыцынскай дапамогі дзецям.

Зараз працягваецца даволі сур’ёзны адток вопытных кадраў. Іх замяняюць маладыя дактары, якія яшчэ ўчора былі студэнтамі. У дзіцячым цэнтры ўжо нават зьявіўся своеасаблівы мэм: «дзеці лечаць дзяцей».

Замест таго каб дапамагчы вярнуцца ў працу больш вопытным спэцыялістам — у тым ліку тым, хто адбыў пакараньне або быў перасьледаваны, — робіцца ўсё, што заўгодна, толькі не сапраўдная праца з людзьмі. Цэнтар вельмі моцна страціў рэпутацыйна.

Калі дарослая анкалёгія ўтрымала свой статус-кво, то дзіцячы цэнтар анкалёгіі як галоўная ўстанова вельмі рэзка страціў свае пазыцыі. У першую чаргу — з прычыны сур’ёзнага адтоку кадраў.

читайте также
  • Пасьля 2020 году з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі звольнілася шмат спэцыялістаў, асабліва пасьля прымусовага звальненьня дырэктаркі Натальлі Каноплі, якую калегі апісвалі як «спэцыяліста экспэртнага ўзроўню, прыстойнага і добрага чалавека». Шмат дзіцячых анколягаў на працягу пяці гадоў былі арыштаваныя па палітычных прычынах.
  • У 2021 годзе Аляксандар Лукашэнка сваім указам пазбавіў дзяржаўных прэмій былую дырэктарку РНПЦ дзіцячай анкалёгіі Вольгу Алейнікаву.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1(1)