Мацкевіч: Выжываюць тыя народы, якія ўмеюць бачыць штосьці светлае нават у самыя цяжкія часы

Філосаф — пра чаканні ад наступнага года, працу дзелія будучыні і гатоўнасць да шчасця.

Былы палітзняволены, беларускі філосаф Уладзімір Мацкевіч распавёў, чаго чакае ад 2026 года.

— Калі <з беларускіх вязніц> выйдзе тысяча і больш чалавек, як там спецпасланнік ЗША Коўл дамаўляўся — нам спатрэбіцца шмат высілкаў, гэта будзе вялікае напружанне і для асобных людзей, і для арганізацый, якія дапамагаюць былым зняволеным, для краін і гэтак далей, — зазначыў Уладізмір Мацкевіч у эфіры Обычного вечера.

Таму, на думку філосафа, трэба і надалей разлічваць сілы, каб агульнага запасу трываласці беларусам, нашай салідарнасці хапіла на доўгі час і многіх людзей.

Уладзімір Мацкевіч. Скрыншот: malina_by/youtube

Што да чаканняў ад 2026 года, яны ў Мацкевіча не самыя пазітыўныя:

— Як бы аптымістычна мы ні глядзелі на бліжэйшую будучыню, усё вельмі і вельмі складана. Асабіста я не маю вялікага аптымізму адносна таго, што будзе ў блізкай перспектыве з нашай краінай.

Будзем імкнуцца да таго, каб хоць трохі ў станоўчым накірунку зварухнуць тое, што ёсць, наладзіць паразуменне паміж рознымі нашымі групоўкамі, тымі, хто мае прэтэнзіі адзін да аднаго.

Я спадзяюся, што за 2026 год — можа быць, нават у першай палове, да вясны — атрымаецца наладзіць больш паразумення паміж сабой, каб усё ж такі накіраваць усе высілкі на змены ў самой Беларусі.

Без гэтага нам ніколі не будзе добра ў эміграцыі, як бы мы ні ўладкоўваліся ў свабодных краінах са сваімі скіламі і кваліфікацыяй. Без ладу на нашай радзіме, у Беларусі, нам добра тут не будзе.

У філосафа папрасілі парады: як захаваць здаровы розум, не звар’яцець у цяперашнім свеце, дзе добрыя і дрэнныя навіны імкліва змяняюць адна адну, калі адначасова адбываюцца новыя бамбёжкі Украіны і святкуюць Каляды ў мірных краінах, калі вызваляюць беларускіх палітвязняў — і бяруць новых закладнікаў?

— Калісьці я задумаўся, як жылі людзі падчас вайны, рэвалюцый, сталінскага тэрору. Калі смерць і пакуты былі штодзённымі, паводле Ганны Арэндт, такая «паўсядзённасць зла», як могуць людзі жыць у гэты час? 

І потым, з гадамі, з узростам, можа быць, з той самай філасофіяй, я пачынаю разумець: жыццё не можа быць іншым, акрамя як разнастайным. І нараджэнні, вяселлі, хрэсьбіны разам з хаўтурамі і смерцю складаюць наша жыццё, у якім ёсць і гора, і трагедыі, і радасці.

Тыя людзі, тыя супольнасці, тыя народы, якія ўмеюць бачыць штосьці светлае нават у самыя цяжкія часы — яны выжываюць. І не страчваюць сябе нават у самых трагічных момантах гісторыі.

Я ўзгадваю гісторыі габрэяў, якія перажылі часы Халакосту, розныя пагромы, пераслед. І ніколі не забываліся пра свае традыцыйныя рэлігійныя святы. У самыя цяжкія часы пераследу, хоць у падполлі, яны святкавалі Хануку і Песах.

Беларусы таксама шматпакутная нацыя. Мы не раз перажывалі цяжкія часы, шмат змагаліся. І давайце не забывацца на тое, што жыццё не спыняецца. Нават калі паміраюць самыя дарагія нам людзі, нашыя бацькі, і мы робімся старэйшымі ў родзе — на нас ляжыць адказнасць за тое, каб нашыя дзеці і ўнукі ўжо не толькі пакутвалі, цярпелі і выжывалі, але каб у іх былі і святы, і вясёлыя дні, і падарункі.

Жыццё не спыняецца. І калі мы хочам перамагчы — мы павінныя ведаць, для чаго мы гэтага хочам. Каб у гэтым жыцці прапорцыя добрага і дрэннага была на перавагу добрага.

Таму кожнае свята, хоць не без жалобы і смутку пра страты, трэба помніць: мы жывем для таго, каб мець шчасце.

У турме я прыйшоў да той самай думкі: давайце будзем гатовыя да шчасця. Гэтая гатоўнасць дае нам энергетыку, каб рабіць добрае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(5)