Адкінем скураныя курткі, фуражкі з блакітным аколышкам і наганы — форма, канешне, змянілася. Але сутнасць такая самая. Як у 1937-м, так і сёння ва ўладзе знаходзіцца абсалютная меншасць, якая прыйшла да ўлады нелегітымным шляхам.
Мікола Дзядок: «Калі я кажу пра новы 1937-ы, гэта не значыць, што ў Беларусі расстрэльваюць па лясах. Мы параўноваем не столькі форму, колькі змест»
Працягваем разважаць, на якім узроўні сёння рэпрэсіі ў Беларусі. Блогер і былы палітвязень распавёў «Салідарнасці» пра тое, чаму рэжым Лукашэнкі не пойдзе на «трэцюю адлігу».
Паралелі рэпрэсій, якія працягваюцца ў Беларусі пяты год, са сталінскімі часамі сёння гучаць нярэдка.
Хтосьці ўспрымае іх літаральна, у лоб, і вінаваціць журналістаў у перабольшанні і хайпажорстве.
Хтосьці пагаджаецца: не па маштабах і жорсткасці, але па методыках нашчадкі чэкістаў недалёка ад іх сышлі.
Праваабаронцы зазначаюць, што пры рэжыме Лукашэнкі гвалт стаў нормай, але ж поўнай індактрынацыі грамадства не адбылося.
Былы палітвязень, анархіст і блогер Мікола Дзядок перакананы: свет не да канца разумее і ўяўляе маштабы таго, што адбываецца сёння ў Беларусі з правамі чалавека, палітычным пераследам і выкарыстаннем уладамі гвалту ўсіх відаў у барацьбе нібыта «ворагамі».
«Асабіста я з 5 год свайго зняволення год правёў у штрафным ізалятары. Калі б людзі з цывілізаванага свету ўбачылі, што такое ШІЗА, яны б падумалі, што гэта сярэднявечча, — распавядаў ён на вераснёўскай прэс-канферэнцыі. — У тэроры, у людажэрскім рэжыме негвалтоўны супраціў не працуе, людзей проста вынішчаюць. Гады, у якія мы зараз жывем, увойдуць у гісторыю як новы 1937 год».
У гутарцы з «Салідарнасцю» Мікола ўдакладняе: наўпростава перастаўляць шаблон 1937-га ў 2025-ы, натуральна, нельга.

— Любыя гістарычныя паралелі крышачку падманлівыя. Нават наступны год ніколі не такі, як папярэдні. Тое самае з гістарычным працэсам і з соцыумам, які ёсць надзвычай складаным арганізмам. Таму калі я кажу, што ў нас новы 1937-ы, гэта не значыць, што ў Беларусі расстрэльваюць па лясах. Мы параўноваем не столькі форму, колькі змест.
«Выкручваюць на максімум рэгулятар рэпрэсій»
— Калі казаць пра змест, такое параўнанне я лічу абсалютна слушным і ніякім не перабольшаннем.
Таму яна мусіць весці вайну супраць большасці народу. У адзіна дасяжным фармаце — фармаце тэрору. Няспыннага, празмернага.
Рэпрэсіўныя захады, якія прымаюцца супраць грамадства, відавочна не адпавядаюць рэальнай небяспецы для існага рэжыму. Але ж яны ўлічваюць яшчэ небяспеку патэнцыйную, таму выкручваюць на максімум рэгулятар рэпрэсій. Людзей саджаюць за тыя рэчы, за якія не тое што ў дэмакратычных дзяржавах, а нават у ранейшай лукашэнкаўскай Беларусі ніколі не саджалі.
Прычына тут, паўтаруся — страх групоўкі, якая прыйшла да ўлады нелегітымным шляхам.
Слушныя і іншыя паралелі: адносіны рэжыму з усім навакольным светам, такая самая ваяўнічая рыторыка, што вакол ворагі, таму трэба з’яднацца. Нагнятанне параноі, маўляў, будзьце пільныя, наўкол шпіёны, дыверсанты, «змагары» гэтыя, «бэчэбэшнікі».
Нават на семантычным узроўні падабенстваў вельмі шмат, і штомесяц штампуюцца новыя тэрміны для абазначэння «ворагаў». Такія пісарчукі, як Мукавозчык, дзеячы кшталту Азаронка любяць прыдумляць процьму абразлівых мянушак для сваіх ідэалагічных праціўнікаў. Гэта вельмі бачна па прапагандзе, якая запоўніла медыясферу.
Я цэлых пяць год чытаў гэтыя рэчы, паколькі ў зняволенні гэта асноўная крыніца інфармацыі, то меў вялікую глебу для аналізу.
То бярэш, чытаеш дакументы сталінскіх часоў, а там на кожны палітычны працэс выдумляюць стос новых тэрмінаў: «бухаринщина», «ежовщина», «троцкистско-фашистские диверсанты», «оппортунисты», «хвостисты», «безродные космополиты». Такія ганебныя цэтлікі з ноткай абсурду. Тое самае бачым у сённяшняй прапагандзе, бо па менталітэце яны падобныя са сталінскімі катамі.
І яшчэ адно падабенства з 1937 годам, якое я акурат падкрэсліваў на прэс-канферэнцыі — што свет насамрэч не ўяўляе, што адбываецца ў Беларусі.
Калі напрыканцы 1920-х пачаліся масавыя рэпрэсіі, людзей саджалі ў СЛОН (Салавецкі лагер асаблівага прызначэння — С.), потым у іншыя лагеры, і некаторым удалося вызваліцца і з’ехаць на Захад, як нашаму Францішку Аляхновічу. Але ягоным расповедам не давалі веры: як так, не можа быць такога, каб саджалі ні за што! Не можа быць так кепска, як вы расказваеце!
У нашай цяперашняй сітуацыі, дзякаваць богу, усё ж веры даюць. Не адзін і не два чалавекі распавядаюць пра катаванні, ёсць шмат доказаў, шмат пацверджанняў. Але бачна, што дагэтуль няма дастаткова поўнага і адэкватнага разумення ў сусветнай грамадскасці, што адбываецца — і працягвае адбывацца — у Беларусі.
Якраз над гэтым Офіс Святланы Ціханоўскай рупліва працуе, каб увага была скіраваная ў беларускі бок; але працы яшчэ вельмі шмат.
Адна справа — прачытаць лічбу: 1200 чалавек палітвязняў. А іншая — уявіць сабе на секундачку, што ў Расіі, дзе жывуць 140 мільёнаў і якая вядзе вайну, па розных падліках, ад 1200 да 2000 палітвязняў, і ў Беларусі з насельніцтвам 9 мільёнаў столькі ж. І параўнаць маштабы і прапорцыі.
Чаму злачынцы бяруць на суд партрэт Лукашэнкі
Мікола Дзядок расказвае, што атмасферу ў краіне, трэнд барацьбы ўладаў з «унутранымі ворагамі» вельмі чулліва заўважылі крымінальнікі. І па-свойму падхапілі яе: падчас крымінальных спраў, заведзеных супраць іх, злачынцы… пішуць скаргі ў КДБ, маўляў, мяне «прэсуе» такі і такі супрацоўнік міліцыі, а сам ён схаваны «бэчэбэшнік». Альбо нават прыходзяць на суд, павесіўшы на шыю партрэт Лукашэнкі — каб палепшыць свой лёс.
— Ведаю выпадак, калі ў Гродзенскай турме збілі палітвязня, ці то па ўказцы адміністрацыі, ці не. І калі іншы зняволены, які збіваў, прыйшоў на так званыя «хрэсьбіны», дысцыплінарную камісію, то пачаў апраўдваць свой учынак з крыкамі «Я ненавіджу БЧБ-шнікаў», спадзяваўся, што ў ШІЗА яго не пасадзяць.
Пры гэтым унутры сістэмы, гаворыць анархіст, ёсць не толькі паслухмяныя вінтыкі, якія з імпэтам выконваюць (і перавыконваюць) указанні ціснуць на палітвязняў. Некаторыя супрацоўнікі і прадстаўнікі адміністрацыі ставіліся са спачуваннем і «праяўлялі яго ў сваіх учынках, наколькі дазваляла сітуацыя, наколькі гэта было бяспечна».
— Вы згадвалі, што некаторыя вязні ў зняволенні літаральна вар’яцелі…
— Гэта адносілася не да палітычных вязняў, да крымінальных, якія ўвайшлі ў канфлікт з адміністрацыяй і ім пачалі «заціскаць» умовы ўтрымання. На маіх вачах людзі ехалі дахам, пачыналі чуць галасы, паводзіць сябе неадэкватна.
Але ж відавочна: калі гэта было прыменена да крымінальнага вязня, так сама проста можна прымяніць і да палітычнага.
Як гэта спыніць, як падтрымаць людзей у турмах? Я лічу, што, калі змагаешся з пустазеллем, трэба не стрыгчы яго, а вырываць з коранем. Таму адзіная рэальная падтрымка — змена палітычнага рэжыму. Пакуль гэтага не адбудзецца, ніякіх сур’ёзных перамен чакаць не варта, на мой погляд.
Гэты рэжым мусіць сябе абараняць. І калі ён паслабіць гайкі — у сённяшніх умовах гэта для іх смяротная небяспека. Прыгадаем, з чаго пачыналася перабудова. Думалі, крышачку гайкі адпусцім, каб лепей працавала вытворчасць, каб людзі маглі крытыкаваць сваё начальства. Паслабілі гайкі — а ў выніку пасыпалася ўся сістэма, бо была ўжо нежыццяздольная і трымалася на тэроры.
Тое самае і з Лукашэнкам. Думаю, ён не рызыкне зноў, на маёй памяці гэта будзе ўжо трэці раз, пайсці на адлігу — паслабіць умовы ўтрымання вязняў, даць нейкі люфт у плане свабоды слова. Калі толькі не складзецца бязвыхаднае становішча для яго і гэта не стане пытаннем выжывання.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное