Севярынец: «Адна з самых запамінальных рэчаў у Шклоўскім ШІЗА — «дыскатэка»
Былы палітвязень расказаў, як за кратамі вучаць «эціх паліцічэскіх родзіну любіць».
— Адна з самых запамінальных рэчаў у Шклоўскім ШІЗА — «дыскатэка», — піша Павел Севрынец. — Пакуль на калідоры ізалятара грае музыка, ты абавязаны стаяць на «расцяжцы» ля прымкнутай да сцяны нары.
Звычайна музыку ўключаюць, калі пачынаецца праверка — а гэта значыць, стаіш з выкручанымі рукамі і расстаўленымі нагамі, пакуль дзяжурны памочнік начальніка калоніі не абыдзе ўсе 23 камеры ШІЗА і не выслухае «даклады» вязняў. Бывае паўгадзіны, бывае і гадзіну.
А зранку ў Шклове адчыняюць фрамугі — і таму, напрыклад, узімку «дыскатэку» ты слухаеш, дрыжучы ад сцюжы ў сваёй баваўнянай «марлі», пакуль у цябе з рота валіць пара. Бо адчыняюць іншыя камеры, і ўсё ШІЗА прадзьмувае скразнякамі. І не захінешся, не згрупіруешся, каб цяплей – «расцяжка».
Кантралёрам у ШІЗА сумна. Хочацца хаця б паслухаць музыку ды пазабавіцца. Таму ўключаюць «дыскатэку» і любуюцца па камерах, як вязні кідаюцца да нары і раскірэчваюцца. Добрая змена праз хвілінаў 20 гукне з калідора: «А-адбой расцяжка!» А кепская — так і пакіне, гадзінкі на паўтары. Інцярэсна жэ, пусьць эці паліцічэскіе учацца родзіну любіць.
Калі ўключалі «Душевное радіо», яшчэ туды-сюды. Там, бывае, і «Песняры» праскочаць, і Цой, і нават «Вецер пераменаў» Скорпіянс. А вось калі «Пілот», «Народное» альбо мясцовае — хоць вешайся.
Так і згадваеш чорны гумар: «Сёння ў нас у лагеры — дыскатэка! Кулямётчык Ганс пракруціць тры кулямётныя дыскі».

Дарэчы, на фота ў хлопца ў камеры (гэта Шклоў) два рушнікі. Па-багатаму. Дазволены адзін, прычым толькі выціраць рукі. Абгорнеш вакол шыі, каб цяплей — напішуць паперу за парушэнне формы вопраткі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное