2000 еўра на старт — тое, што дапамагае закрыць толькі неадкладныя патрэбы і на самы першы час: вопратка, лека, смартфон, паспрабаваць зняць пакой або невялікую кватэру. І тое трэба памятаць, што ў кожнага чалавека свае ўласныя патрэбы, напрыклад, тэрміновае лекаванне, рэабілітацыя.
«У людзей з сабой толькі «турэмныя» сумкі і пакеты. І з гэтым яны мусяць распачынаць жыццё з нуля»
Прадстаўнік фонду BYSOL Зміцер Ягораў — пра падтрымку ахвяр рэпрэсій, якая мусіць быць доўгатэрміновай.
На раніцу 16 снежня экстранны збор, абвешчаны фондам BYSOL для падтрымкі ўсіх палітзняволеных, якія выйшлі на свабоду і былі вывезеныя з краіны гэтымі днямі, перавысіў заяўленую мэту больш, чым удвая. Сабрана ўжо 251,8 тысяч еўра. Усю суму, якую атрымаецца сабраць да 31 снежня, падзеляць паміж палітвязнямі, вызваленымі 13 снежня.
Але ў той жа час гэтага хопіць для закрыцця неадкладных патрэб у першы, найбольш цяжкі час эміграцыі — але наўрад ці дазволіць зняць жытло больш чым на пару месяцаў, прайсці паўнавартасную медыцынскую і псіхалагічную рэабілітацыю, працягнуць без пенсіі альбо заробку да атрымання легальнага статусу ў Еўропе.
— Сітуацыя, у якую трапілі палітвязні, фактычна выкінутыя з Беларусі, можна назваць экстрэмальнай: яны апынуліся ў чужой краіне, не маючы нічога, — зазначае ў каментары «Салідарнасці» прадстаўнік фонду Зміцер Ягораў. — Па нешматлікіх відэа бачна, што ў людзей з сабой толькі «турэмныя» сумкі і пакеты: побытавыя рэчы, лісты і ўсё.
І з гэтым чалавек мусіць распачынаць жыццё з нуля, вырашыць шэраг няпростых рэчаў, пачынаючы ад легалізацыі ў новай краіне, ад таго, каб зняць без дакументаў жытло, падумаць пра працу, толькі выйшаўшы з турмы.
Наогул, большасць вязняў, якія выходзяць з лукашэнкаўскіх турмаў, маюць вельмі вялікія і сур’ёзныя праблемы са здароўем. Безумоўна, ёсць арганізацыі, якія дапамагаюць з гэтымі пытаннямі. Аднак усё і адразу вырашыць немагчыма. І трэба адрозніваць экстраную дапамогу на першы час, і дапамогу, якая патрэбная без перабольшання гадамі, каб адысці ад беларускай турмы.
Таму мы вельмі ўдзячныя тым, хто не спыніўся данаціць на гэты збор, калі мэтавая квота была дасягнутая — і данацяць далей. Гэта тое, чым мы можам падтрымаць усіх вызваленых.
Нагадаем: заяўленая мэта ў €123 тысячы была дасягнутая цягам 3 гадзін ад абвяшчэння збору — такі ўсплёск салідарнасці шчыра цешыць і ўражвае. Значыць, нягледзячы на пяць год рэпрэсій, беларусы застаюцца салідарнымі і гатовыя дапамагаць.
— Гэты феномен паўтараецца, — гаворыць Зміцер Ягораў, — што вельмі радасна. Так было падчас анлайн-марафону, падчас экстраннага збору ў верасні і паўтарылася цяпер, калі можна было ў рэжыме анлайн глядзець, як расце колькасць данатаў.
Вельмі класна, што мы ўсе адгукаемся на такія вельмі медыйныя падзеі. Але хачу дадаць: ёсць зборы, якія прыцягваюць менш медыйнай увагі і тым не менш, яны важныя. Да прыкладу, персанальныя зборы — калі былы палітвязень ці яго сям’я збіраюць грошы на штосьці канкрэтнае, на лекаванне ці жытло, пакуль чалавек стане на ногі.
Нагадаем: адначасова ідзе і традыцыйны збор для дзетак палітвязняў. Гэта спосаб перадаць ім не толькі наша цяпло і падтрымку, але і зрабціь рэальныя падарункі на Новы год.
Прадстаўнік фонду BYSOL зазначае, што дынаміка гэтага збору выглядае зусім інакш, з заяўленай мэты ў 21 тысячу еўра пакуль сабрана менш за палову.
— Натуральна, людзі данацяць на тыя мэты, што ім адгукаюцца, што закранаюць іх сэрцы. Але ж мы спадзяемся, што дзіцячы збор, а таксама персанальныя, будуць даходзіць да людзей і завяршацца паспяхова.
Далучыцца да кожнага з гэтых збораў — паўторымся, калі для вас гэта бяспечна — можна проста цяпер. Дый дапамога для вызваленых гэтымі днямі 123 чалавек, дадае Зміцер Ягораў, не абмяжоўваецца адзінкавым усплёскам салідарнасці:
— Мы плануем знайсці сродкі для іх удзелу ў праграме BYSOL з аднаразовай дапамогай па 1000 еўра, плюс суму экстраннага збору падзелім паміж усімі вызваленымі. І, канешне, кожны і кожная з іх маюць права падацца на асабісты збор, калі ў іх ёсць незакрытыя патрэбы.
Акрамя прыватных збораў, можна звярнуцца па падтрымку ініцыятыў — умоўна, Павал Севярынец захоча напісаць і выдаць кнігу і спатрэбяцца сродкі на гэта. Альбо хтосьці плануе запусціць YouTube-канал. З дапамогай BYSOL можна гэта зрабіць, у нас ёсць такі досвед.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное