Общество

Вольскі: «І цяпер аўтар афарызму «не да законаў» ліхаманкава вырашае, як яму паводзіцца»

Лявон Вольскі на Budzma.org разважае пра арышт Нікаласа Мадура, беларуска-венесуэльскія адносіны і магчымыя варыянты паводзінаў аўтара афарызму «цяпер не да законаў».

Лявон Вольскі

Імпарт вэнэсуэльскае нафты спыніўся

Неяк з Вэнэсуэлай не пайшло. І быццам прыгожыя былі праекты — вазіць нафту танкерамі праз акіян, напрыклад, але адразу ж было ясна, што яно прыгожа менавіта для карцінкі, для піяру, для прапаганды — вось мы пасварыліся з Расеяй, і яна нам перакрыла нафтавую трубу, але — не бяды! Безвыйсьцёвых сытуацыяў не бывае, ёсьць у нас сябры за акіянам, і яны нам пераправяць сваю нафту, дапамогуць у бядзе!

Эканамісты казалі, што гэта нязручна, складана, невыгодна, не апраўдаецца, але дзяржпрапаганда крычэла: «Не, вы нічога не разумееце, усё ўдасца!». У выніку, як заўсёды, праект згарнуўся, не пасьпеўшы напоўніцу разгарнуцца, РБ памірылася са сваім гаспадаром і спонсарам — Расеяй, і імпарт вэнэсуэльскае нафты спыніўся.

Прычым, як высьвятляецца, за тую, што ўсё-ткі атрымалі, дагэтуль не расплаціліся. Ну, а навошта сьпяшацца плаціць? — Уга Чавэс быў нашым сябрам, амаль родным, Мадура, які прыйшоў яму на зьмену — не такім ужо, як Уга, на мяжы сваяцтва — проста добрым прыяцелем, але таксама ня надта прысьпешваў выплаты, вось і не плацілі.

А навошта ж плаціць, калі не патрабуюць?! Мы ж і Расеі не аддаем грошы — усё адтэрміноўваем выплату пазыкаў.

Праекты стагодзьдзя ў Вэнэсуэле

Былі яшчэ праекты стагодзьдзя — філіі МАЗу і трактарнага заводу ў Вэнэсуэле. Пабудавалі, адрапартавалі, пачалі зьбіраць. Крычэлі: будзем няўхільна нарошчваць! І нават выпусьцілі пару грузавікоў і некалькі трактараў. Але неяк паступова крыкі сьціхлі, энтузыязм пакрыўся слоем пылу, і цяпер ніхто ня ведае, што там з гэтымі філіямі, як там яны — праекты стагодзьдзя?

Для РБ, дарэчы, гэта вельмі характэрна — шмат шуму, піяру, прамоваў, прапаганды, пераразаньня стужачак пад гукі аркестру, а потым усё паступова сьціхае, згортваецца, зарастае травою ці то пакрываецца пылам. Цішыня. А потым узьнікае новы чарговы «праект стагодзьдзя», і ўсё пачынаецца нанава.

З Вэнэсуэлай не пайшло

Сябар, ледзьве не сваяк, народны лідэр Уга неяк хутка згаснуў і знайшоў апошні прытулак у маўзалеі ў Каракасе.

Нікалас Мадура, які прыйшоў на замену паўсьвятому сацыялісту, усё хітрыў, абяцаў пакінуць свой ужо таксама шматгадовы пост, але адкладаў гэтую перадачу ўлады (нічога і нікога не нагадвае?), таргаваўся, урэшце новая адміністрацыя Злучаных Штатаў вырашыла зрабіць хірургічнае ўмяшальніцтва ў вэнэсуэльскія справы.

Не да законаў

І тут усчаліся стогн і енк: а як жа міжнародныя нормы? А як жа законы?

Ня будзем забывацца: не да законаў (не ў Беларусі, там яно — зь 1994-га) пачалося з захопам Расеяй Крыму ў 2014-м. Гэтае парушэньне ўсіх магчымых міжнародных дамоваў агрэсару незразумела чаму літасьціва даравалі, сусьветны балянс захістаўся і дагэтуль не знаходзіцца ў раўнавазе.

І цяпер аўтар гэтага афарызму («не да законаў») ліхаманкава вырашае, як яму паводзіцца — ці то далей працягваць перамовы са Злучанымі Штатамі, быццам бы нічога ня здарылася, ці прадэманстраваць цьвёрдасьць і салідарнасьць з сусьветнымі дыктатарскімі рэжымамі і перарваць усялякія кантакты з заакіянскімі імпэрыялістамі?

І гэты другі — прыгожы варыянт, але ёсьць небясьпека прачнуцца ад таго, што табе надзяюць кайданкі і разам з чарговай фаварыткай вядуць добра знаёмымі табе калідорамі кудысьці ў ня вельмі прыемную будучыню.

Тым болей, што большасьць беларусаў у думках заклікае, каб хутчэй прыляцелі чараўнікі ў блакітных (насамрэч чорных) верталётах і бясплатна паказалі кіно...

Няма нафты? Эканамічна не абгрунтавана? Малаверагодна? Але хто што можа прагназаваць, калі сусьветны балянс пахіснуўся і ўжо часта не да законаў? Ніхто.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(153)